Ляжыць дарога да шчасця праз працу

15 красавіка 2025 г. у рамках сацыяльна-арыентаванага праекта «Жанчына. Сям'я. Будучыня», арганізаванага супрацоўнікамі Краязнаўчага музея г. Полацка і Полацкім раённым аддзяленнем ГА «Беларускі саюз жанчын», прайшла сустрэча-партрэт «Слова пра жанчыну-кіраўніка: Надзея Іванаўна Коршун». Чвэрць стагоддзя яна кіруе прадпрыемствам ААТ «Полацкбыт», якое па выніках працы за 2024 г. прызнана лаўрэатам прэміі Віцебскага аблвыканкама за дасягненні ў галіне якасці.

Быць жанчынай-кіраўніком — гэта велізарная адказнасць. Жанчыне неабходна кіраваць калектывам супрацоўнікаў, прымаць узважаныя рашэнні. Вельмі часта дырэктар знаходзіцца ў пастаянным напружанні, стамляецца фізічна, інтэлектуальна, духоўна. Ці па сіле гэта жанчыне? На гэтае і іншыя пытанні адказала гераіня сустрэчы. Мерапрыемства прайшло ў выставачнай зале Краязнаўчага музея г. Полацка.

Узнагароды Надзеі Іванаўны Коршун і яе калектыву экспануюцца на часовай выставе «Беларусь XXI стагоддзя. Наш гістарычны выбар». На працягу 70 гадоў ААТ «Полацкбыт» з'яўляецца лідарам у сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва нашага рэгіёна. З моманту свайго стварэння прадпрыемства 15 разоў трапляла на рэспубліканскую, абласную і раённую Дошкі гонару. Пра гэта і многае іншае можна даведацца, наведаўшы выставу.

Падчас сустрэчы Надзея Іванаўна ў дэталях расказала пра структуру прадпрыемства, пра свае захапленні і сям'ю. Навучэнцы Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа ўважліва слухалі выступленне Н. І. Коршун аб мадэрнізацыі прадпрыемства і новых напрамках у абслугоўванні насельніцтва Полаччыны. Пытанні да гераіні сустрэчы прагучалі ад ветэранаў Полацкага раённага аддзялення ГА «БСЖ», якія з’яўляюцца актыўнымі карыстальнікамі паслуг ААТ «Полацкбыт».

У канцы мерапрыемства ўсе прысутныя ад душы падзякавалі Надзеі Іванаўне за адкрытую гутарку. Ад імя жаночай арганізацыі Полаччыны галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў А. У. Рабава ўручыла Н. І. Коршун букет кветак.

280