Дзятлаўшчына памятае. Да 80-годдзя Вялікай Перамогі. Марозава (Мяцеліца) Марфа Сяргееўна

Марфа Сяргееўна Марозава (Мяцеліца) нарадзілася 19 лістапада 1920 года ў вёсцы Ермакоўка Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Скончыўшы сем класаў Паланіцкай няпоўнай сярэдняй школы, паступіла ў Крычаўскае педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць “Настаўніца пачатковых класаў і выхавальнік дашкольных устаноў”. Да вайны працавала ў Гомельскай вобласці.

Калі пачалася вайна, была эвакуіравана ў РСФСР, у Чкалаўскую вобласць (пасля вайны - Арэнбургская), жыла ў сяле Вятлянка Бураннага раёна і працавала падлікоўцам у калгасе “Ударнік”.

У лютым 1942 года па камсамольскім прызыве добраахвотна пайшла на фронт, дзе знаходзілася да канца вайны. Два гады служыла ў войсках ПВА начальнікам назіральнага пункта асобнага батальёна паветранага назірання, апавяшчэння і сувязі на Заходнім і Паўднёвым фронтах ПВА. З верасня 1944 года – старшы сяржант, камандзір аддзялення тэлефаністак і старшая радыётэлефаністка 83-га асобнага радыёбатальёна сувязі ІІ Украінскага фронту. Прымала ўдзел у баях пры абароне Закаўказзя і абароне Сталінграда. Знаходзячыся ў складзе механізаванага корпусу ІІ Украінскага фронту, удзельнічала ў вызваленні Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі.

Вайну закончыла ў горадзе Брно ў складзе савецкіх войск у Чэхаславакіі. Адтуль у ліпені 1945 года была дэмабілізавана з арміі.

У верасні 1945 года Марфа Сяргееўна стала працаваць сакратаром Крычаўскай раённай газеты “Шлях сацыялізму”. Праз тры гады была накіравана на вучобу ў Рэспубліканскую партшколу пры ЦК КП(б) Беларусі ў горад Мінск. У свій час яна закончыла факультэт журналістыкі.

У 1950 годзе Марфа Сяргееўна працавала ў Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці рэдактарам газеты “Калгасная праўда” Жабінкаўскай машынна-трактарнай станцыі (МТС). Па сямейных абставінах у тым жа годзе пераехала ў Дзятлаўскі раён Баранавіцкай вобласці. Чатыры гады адпрпцавала рэдактарам газеты “Зара камуны” Дзятлаўскай МТС, затым – адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара Дзятлаўскай раённай газеты “Сцяг камунізму”, якая ў хуткім часе стала называцца “За новую вёску”. З 1962 да 1969 года працавала на розных пасадах: карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыёвяшчання, выхавальніцай і настаўніцай Дзятлаўскай школы-інтэрната, адказным сакратаром раённай арганізацыі таварыства “Веды”, загадчыцай агульнага аддзела Дзятлаўскага РК КПБ.

Марфа Сяргееўна Марозава прымала актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці раёна. Яна як ветэран вайны праводзіла вялікую работу па патрыятычным выхаванні моладзі, выступала з лекцыямі перад навучэнцамі школ раёна. Некалькі гадоў працавала ў Доме піянераў. Была актыўнай удельніцай хору “Ветэраны ў страі”. Выбіралася членам прэзідыума раённага савета ветэранаў вайны і працы, з’яўлялася намеснікам старшыні гэтай арганізацыі.

Марфа Сяргееўна Марозава мае шмат узнагарод, якія атрымала ў гады вайны і мірны час. Сярод іх – орэн Айчыннай выйны ІІ ступені, медалі “За абарону Сталінграда”, “За абарону Каўказа”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, “За доблесную працу. З нагоды 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна”, “Ветэран працы” і дзесяць іншых юбілейных медалёў.

Памерла 1 красавіка 2002 года.

294